У дрымотнай цiшы
Вецер калыша мурог,
Баюць казкi лясы,
Сонца крочыць па стужках дарог…
Льецца спеў жаўрука
Над бязмежным абшарам палёў;
Шэпча цiха рака,
Бяжыць шпарка за вокаём…
Цi то хмары паўзуць,
Накрываюць абсяг?
Цi то з комiнаў дым
Засцiлае святло?
Можа грукае гром
Дзесь ў далечынi?
Можа статак зуброў
Ураз зямлю страсянуў?
То не хмары паўзуць –
Груганы чакаюць!
То не з комiнаў дым –
Пыл з-пад ботаў цяжкiх!
Бубны грукаюць
Дзесь у далечынi!
Конi злыя iржуць,
Топчуць цела зямлi!
Нехта ў хату iдзе,
Не гасцiць – забiваць,
Не ласункi нясе –
Смерць… разору… адчай…
Пралiваецца шмат
Не вiна, а крывi.
Нахiляецца брат:
«Чаркi» ён «не дапiў»!
Там не кубкi звiняць
На святочным стале –
Крышаць зброю ўшчэнт!
...Твар Зямлi пачарнеў!
Там не жнейкi
Сярпом сякуць каласы –
Там жалезным мячом
Трыбушаць жываты!
Адбiраюць дзяцей
У бацькоў-сваякоў:
На скронi – кляймо,
Ланцугi – на рукох!
Вецер лiжа асмолкi
Зруйнаваных дамоў.
Мяшаюцца слёзы
З пякучым дажджом.
На чужынскiм двары
Вораг–раб малады.
Усмiхаецца сонцу…
…Твар узняў да гары.
Над iм ўладар ланцугоў,
Гаспадар юнакоў:
Пагарда – у вачах,
Бiзун – напагатоў.
Толькi схiбiў ваяр:
Чужы род вынiшчаў,
Вёскi, нiвы палiў,
Вораг каб занядбаў.
Але ноччу «сама»
У хлеў хадзiла адна…
…Семя варожае носiць
У чэраве гаспадыня!