Біяграфія

…Дзесці напачатку 97-га кола замкнулася. Чаму? Так сталася. Нават зараз, азіраючыся, не знаходзіш адказу…

Двух экзальтаваных (псіхічна хворых) падлеткаў апанавала адна ідэя. Дакладней сказаць, іх, ідэй, было шмат, сутнасць — адна.Трэба стварыць metal-гурт. Доўга хаваць адзін ад аднаго свае памкненні яны не здолелі; яшчэ двое далучыліся. Тое, што праз год зрабілася Twilight'ам, было: Ягор Чалубееў(Chel) — lead guitar, Дзяніс Голін — rhythm guitar, vocal, Аляксандр Глякаў — bass, Андрэй Куніца(Куня) — vocal.

Творчую працу (стварэнне кампазіцый) адразу "спіхнулі" на рытм-гітарыста, і гэта не вельмі спрыяльна ўздзейнічала на музыку. Першыя кампазіцыі ўяўлялі сабой жудаснае відовішча (у нотах), а гучалі яшчэ горш. Усялякая ініцыятыва (яе было мала)-алтэрнатыва адкідалася…

Weeping TwilightПершай сур'езнай справай стала спроба агучыць паэму Янкі Купалы "Курган". Хвароба прагрэсавала… Акурат пад новы год (28 снежня 1997) пяшчотнае святло дзявочых вачэй сагрэла халодны змрок. (Раней, праўда, была спроба завабіць скрыпачку — духу не хапіла). Кветкі, аздобленыя кропелькамі-дыяментамі цнатліва-празрыстай расы… Клавішы (Алена Трацьякова) і вакал (Алена Сімалацар)…

Больш-менш рэгулярныя рэпетыцыі доўжыліся да позняй вясны 1998 (травень). Толькі чагосьці бракавала (абавязковасці? сур'езнасці?.. — бракуе і цяпер). Не вучылі партыі, гралі абы-як… Без барабаншчыка, з адной электрагітарай made in USSR без прымочкі, такой-самай "басухай", расстроеным піяніна, двума савецкімі мікрафонамі і дабітай акустыкай. І ўсе ж ткі… Вясна дыхала цеплыней і тыя, каго яшчэ не абняў адвечны холад, пілі яе дыханне… Змрок адварочваў вусны. Дарэмна…

Хвароба абвастрылася. Летам 1999-га запісвалі "Курган". Першая частка атрымалась без вакала, другая і трэцяя — нават без bass-гітары. Змрочна… Светлавалосая Алена (клавішы) неяк неўпрыкмет пакінула гурт… Яшчэ адна часцінка душы акунулася ў цемру; воск аплыў, полымя задрыжала, забілася і — згасла… Журботна…). Ягор (Chel) з'ехаў — не з глузду — з Беларусі. Прыйшла Галя Котава — другі (дакладней — чацверты) вакал. Восенню на месцы Ягора з'явіўся Віталь Абрамовіч.

Апошні год ХХ ст. адзначыўся крызісам. Восенню нарэшце ўдалося завабіць скрыпачку. У канцы снежня пачалі запісваць demo.Weeping Twilight

22 студзеня 2001 узяліся зноў. 5 лютага хацелася ці то задушыцца, ці то кагосьці задушыць. "Задушылі" Галю, толькі ей не сказалі. І Андрэя (Куню). Ну, ен, можна сказаць, рукі на сябе наклаў… Нарэшце Twilight — гурт з жывым (!) барабаншчыкам. Узнавіліся рэпетыцыі, але далека не рэгулярныя.

17 сакавіка 2001 — першы (як бы не апошні) канцэрт Twilight (А-клуб). Прывід гурта на нейкі момант матэрыялізаваўся — і зноў растаў… Апошні раз ен выглядаў так: Алена Сімалацар — вакал, фартэпіяна; Ганна Пушына — скрыпка; Віталь Абрамовіч — lead & acoustic guitars; Дзяніс Голін — rhythm & acoustic guitars, вакал; Аляксандр Глякаў — bass, вакал; Яўген Пляшэвіч — барабаны…

Час ішоў. Не стала дзе рэпетаваць (каторы ўжо раз?). Пачынаўся разброд — так і да хістанняў недалёка. І да хвалявання розуму. Па-ранейшаму турбавала (ага, толькі казалі!) адсутнасць у гурце "клавішаў". Пошукам апошніх, уласна, быццам бы, і займаліся. Не вельмі паспяхова, праўда.

Неяк напрыканцы лета 2001 усё ж выбраліся на рэпетыцыю. (Нават клавішніка запрасілі.) А між тым, трэба было забіраць у Генадзя Сыракваша Twilight-аўскую дэмку. Толькі не пытайцеся, як запіс трапіў да Сыракваша. Хіба ён сам скажа. Такім чынам частка гурта паехала на рэпетыцыю, а рэшткі (у асобе цяпер ужо вакаліста) засталіся чакаць на слыннага гукааператара. Вердыкт мэтра, шчыра кажучы, быў не суцяшальны: "Нічога зрабіць не магу. Слухаць гэта можна толькі праз сценку, адыходзячы да сну — замест калыханкі. Хаця партыі клавішаў зроблены правільна. Можа, вам стылістыку змяніць?.."

13 лістапада 2001 ці ў іншы які дзень, рэ(дэз?)арганізаваны Twilight сядзеў у рэстаране кхе-кхе... прабачце, "Крыніца" і абмяркоўваў канцэпцыю ўласнай творчасці. Тое быў дзень вялікага пералому. І не тое каб зажылі лепш, проста цікавей неяк стала. Надышоў-ткі час — "твайлайтаўцы" зачаравана глядзелі на клавішніцу, сапраўдную — цела і кроў — і думалі: вось ён, наш скарб, у-цю-цю...

Такім чынам залатое дзіцянятка звалася Таццянай Цвірко. Што тут скажаш? Прывітанне Ножыку. Вось.

Адвечная праблема з драмерам таксама дзіўным чынам вырашылася. (- Міхаська, Міхасечка, родненькі!) А з ёю пачалі знікаць і ўсе астатнія — хутка знайшлася "кропка", напрыклад. І, галоўнае, партыі ўдарных нараджаліся цяпер ўсвядомлена, матэматычна разлічана.Weeping Twilight

Інтэнсіўна рэпетаваўся (з перапынкам на сесію — акадэмічную, праўда) новы матэрыял. У лютым нават захацелася штосьці паказаць. Дзень нараджэння Ліцэя БДУ — вось падстава. Адбываецца першы канцэрт у новым складзе (толькі Таня прагуляла — здавала іспыты). Хаця гралі чамусьці (таму што не было кардана) кавер на Twilight Sun.

Вясна — рэпетыцыі. Пішуцца кампазіцыі. Летам — рэкард-сесія. Фотасесія. Вёрстка буклета. Памеркаваўшы вырашылі змяняць імя. Fuck to Norwegians! І так заўсёды! Варта было толькі жартам ляпнуць: Weeping Twilight — усе згадзіліся. Дзіва.

Беларускія рэаліі нагадваюць пра сябе: зноў страчана рэпетыцыйная база.

30 жніўня 2002 у Барысаве прайшоў Кіна-рок-метал фестываль. Weeping Twilight на выездзе.

13 верасня 2002 — няхай кажуць, што гэта не так, бо не так быць не можа — у свет выйшаў міні-альбом Weeping Twilight "Воддаль ад твару багоў". Далей — прома-кампанія (інтэрв'ю на MassaBrutto Radio show).

22 кастрычніка 2002 Weeping Twilight, прайшоўшы горан слухацкага адбору, удзельнічае ў MassaBruttoFest разам з такімі монстрамі сцэны як Asguard, Evthanazia, Rossomahaar.

3 снежня Weeping Twilight гасцюе ў праграме "Затерянный мир".

Гісторыя доўжыцца...